22 лютага 2020 года на базе гімназіі №56 г.Гомеля імя А.А.Вішнеўскага ў чарговы раз прайшоў абласны лінгвістычны конкурс “Ведай родную мову”.
Конкурс праводзіўся з мэтай развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу навучэнцаў, выяўлення здольных, лінгвістычна адораных дзяцей.
Для ўдзелу ў конкурсе былі запрошаны пераможцы трэцяга этапу абласной і рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. У конкурсе прынялі ўдзел 39 навучэнцаў, з іх вучняў VIII класаў – 9, IХ класаў – 13, Х класаў – 11, ХI класаў – 6.
Для ацэньвання выступленняў юных мовазнаўцаў у склад журы запрошаны настаўнікі беларускай мовы і літаратуры ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці. Старшынёй журы была Панякова Ірына Іванаўна, трэнер абласной каманды ўдзельнікаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.
У І туры ўдзельнікі конкурсу выконвалі лінгвістычную комплексную работу, якая змяшчала заданні алімпіяднага ўзроўню складанасці. У ІІ туры навучэнцы пісалі сачыненне-мініацюру па адной з 2-х прапанаваных тэм. У творчых работах вучні распавядалі пра свае пачуцці, меркаванні і думкі, выкліканыя прапанаванымі тэмамі. У кожнага ўдзельніка была магчымасць прадэманстраваць свае творчыя магчымасці, інтэлектуальны патэнцыял, узровень пісьменнасці.
Падчас правядзення конкурсу Панякова Ірына Іванаўна правяла майстар-клас для педагогаў па тэме “Напісанне водгука. Асноўныя патрабаванні”.
Па выніках работы журы вызначыла пераможцамі 18 удзельнікаў конкурсу.
Віншуем пераможцаў, жадаем ім і іх настаўнікам далейшых поспехаў!

