«Цяжка, ды і немагчыма ўявіць нас, беларусаў,
без Янкі Купалы. Ён наш буквар і энцыклапедыя, песня і сумленне»
Аляксей Пысін
22 лютага 2020 года ізноў гімназія імя Я. Купалы горада Мазыра гасцінна адчыніла дзверы для ўдзельнікаў і гасцейадкрытага конкурсу даследчых і творчых работ вучняў “Купалаўскія чытанні - 2020”.
У календары ёсць такое свята – Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага. Традыцыйна дадзенае мерапрыемства прымеркавана да гэтай даты і дае магчымасць дакрануцца да лепшых здабыткаў нацыянальнай літаратуры і культуры.
Многім хлопцам і дзяўчатам прадстаўляецца мажлівым паказаць свае літаратурныя, мастацкія і інтэлектуальныя ўменні па-беларуску, а дарослым – атрымаць асалоду ад гучання роднага слова.
Штогадовы актыўны ўдзел навучэнцаў і іх настаўнікаў у Купалаўскіх чытаннях сведчыць пра ўвагу да вывучэння роднай мовы, папулярызацыю беларускай літаратуры і культуры. Гэта радуе ўсіх нас, так як, акрамя школ Мазыра і Мазырскага раёна, на чытанні завіталі: гімназія г.Веткі, Ельская раённая гімназія, гімназія №1 г.Жлобіна, Лельчыцкая раённая гімназія, гімназія г. Жыткавічы імя А. А. Ліхоты, Рэчыцкая раённая гімназія, гімназія г. Калінкавічы, гімназія г. Нароўлі, гімназія г. Петрыкава, гімназія г.Чачэрска, Урыцкая сярэдняя школа Гомельскага раёна і інш.
Сёлета спаўняецца 75 год з дня Вялікай Перамогі. Арганізатары Купалаўскіх чытанняў не засталіся раўнадушнымі да гэтай даты, таму секцыі насілі назву: “Вайна вачыма ўнукаў і праўнукаў”, “Вайна ў мастацкіх творах беларускіх пісьменнікаў”, “Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны”…
У гэты дзень мы аддавалі даніну памяці тым далёкім гадам і подзвігу дзедаў і прадзедаў.
Была пастаўлена задача так арганізаваць свята, каб да беларускасці ў гэты дзень дакрануўся кожны. Мерапрыемства паказала, што беларуская мова не толькі жыве, але і натхняе моладзь на розныя творчыя ініцыятывы. Дыпломамі адзначаны 176 канкурсантаў. Па выніках чытанняў будзе выдадзены зборнік творчых работ. Але галоўнае, для чаго было арганізавана гэта свята — выхоўваць у падрастаючага пакалення нацыянальную самасвядомасць, патрыятызм, цікавасць да культурнай спадчыны народа, гісторыі, роднай краіны.

