20 сакавіка 2021 года на базе гімназіі №56 г.Гомеля імя А.А.Вішнеўскага ў чарговы раз прайшоў абласны лінгвістычны конкурс “Ведай родную мову”.
Конкурс праводзіўся з мэтай развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу навучэнцаў, выяўлення здольных, лінгвістычна адораных вучняў.
У конкурсе прынялі ўдзел 34 пераможцы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”.
Для ацэньвання выступленняў юных мовазнаўцаў у склад журы былі запрошаны настаўнікі беларускай мовы і літаратуры ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці і трэнер абласной каманды ўдзельнікаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.
У І туры ўдзельнікі конкурсу выконвалі лінгвістычную комплексную работу, якая змяшчала заданні алімпіяднага ўзроўню. У ІІ туры навучэнцы пісалі сачыненне-мініацюру па адной з 2-х прапанаваных тэм. У творчых работах вучні распавядалі пра свае пачуцці, меркаванні і думкі, выкліканыя прапанаванымі тэмамі. У кожнага ўдзельніка была магчымасць прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, інтэлектуальны патэнцыял, узровень пісьменнасці.
Па выніках конкурсу пераможцамі вызначаны 14 удзельнікаў з устаноў адукацыі г.Гомеля, Акцябрскага, Добрушскага, Жлобінскага, Лоеўскага, Мазырскага, Калінкавіцкага, Петрыкаўскага, Рэчыцкага, Светлагорскага раёнаў, Гомельскага абласнога ліцэя, Мазырскага абласнога ліцэя.
Віншуем пераможцаў, жадаем ім і іх настаўнікам далейшых поспехаў!

