Гомельскім абласным цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі яшчэ ў 2008 годзе было ініцыявана правядзенне абласной краязнаўчай алімпіяды. Першая алімпіяда была прысвечана аднаму з уладальнікаў Гомельскага маёнтка Міністру камерцыі, Міністру замежных спраў, канцлеру Расійскай імперыі, перадавому чалавеку свайго часу, збіральніку кніг, старажытнасцяў, падарожніку, мецэнату, вельмі шмат зрабіўшаму для Гомеля, графу Мікалаю Пятровічу Румянцаву, і атрымала назву «румянцаўская».
З таго часу абласная краязнаўчая алімпіяда праводзіцца ў Гомелі штогод, прысвячаецца знакавым падзеям вобласці і рэспублікі, і ўжо стала традыцыяй лепшых краязнаўцаў узнагароджваць “румянцаўскімі” медалямі.
Асноўная мэта мерапрыемства – прыцягненне вучняў да пошукавай, навукова-даследчай работы па вывучэнню гісторыі рэгіёну, папулярызацыя нацыянальных традыцый і культуры.
У бягучым годзе абласны краязнаўчы конкурс-алімпіяда адбыўся 10 красавіка на базе ДУА “Гімназія № 36 г.Гомеля імя І. Мележа” і быў прысвечаны малой радзіме.
Конкурс сабраў 26 каманд з усіх рэгіёнаў вобласці. За “румянцаўскія“ медалі ў трох турах змагаліся 78 знаўцаў роднага краю.
У першым туры ўдзельнікам алімпіяды было прапанавана вызначыць Гомельскую вобласць на геаграфічнай карце, пазнаць гістарычныя месцы вобласці і знакамітых землякоў.
Пытанні другога тура “Гомельшчына літаратурная” былі прысвечаны творчасці І.Шамякіна, І.Мележа, М.Лынькова, У.Ліпскага, А.Макаёнка, а таксама былі разгледжаны старонкі Вялікай Айчыннай вайны ў творчасці пісьменнікаў Гомельшчыны.
Тэматыка трэцяга тура – традыцыйная архітэктура і храмавае будаўніцтва ў Беларусі, вясковы двор і падворак, абрады і звычаі, звязаныя з будаўніцтвам, міфалагічныя істоты, якія насяляюць жыллё чалавека і гаспадарчыя пабудовы, абрады і звычаі сямейнага і каляндарнага цыкла, звязаныя з жыллём і гаспадарчымі пабудовамі.
Пераможцам краязнаўчай алімпіяды стала зборная каманда ўстаноў адукацыі г.Гомеля (навучэнцы Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 і гімназіі № 36 г. Гомеля імя І.Мележа). Гэтая каманда таксама заваявала прызавыя месцы ў кожным туры.
2 месца – у каманды Рэчыцкага раённага ліцэя, а таксама 2 дыплома ў турах алімпіяды.
3 месца заняла каманда Ельскай раённай гімназіі, а таксама дыплом 2 ступені ў літаратурным туры.
Вынікова ў асобных турах выступілі навучэнцы гімназіі г.Жыткавічы імя А.А.Ліхоты, СШ № 3 г.Нароўлі, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Ювента» г.Светлагорска, СШ № 66 г.Гомеля.
Ужо ў лістападзе бягучага года каманды зноў збяруцца ў сценах гімназіі №36 г.Гомеля імя І.Мележа чарговы раз пазмагацца за “румянцаўскія” медалі на абласным краязнаўчым конкурсе-алімпіядзе, прысвечаным Году народнага адзінства.

